Апошнія некалькі дзён у блягасфэры бурна абмяркоўваецца выхад бескаштоўнага музычнага рэлізу ад амэрыканскага гурта The Foxboro Hot Tubs. Плытка «Stop, Drop and Roll», што можна перакласці як інструкцыю супрацьпажарнае бясьпекі для людзей, якія выскакнулі з вогнішча — «Спыніся, падзі на зямлю ды катайся па ёй», складаецца з шасьці трэкаў, выкананых ў стылі «бітловага» гаражнага року шасьцідзесятых. У тым жа стылі аздобленая і вокладка. Чакаецца, што гэта толькі частка альбому, які неўзабаве павінен зьявіцца ў музычных крамах ЗША.
Адразу пасьля выхаду усе трэкі былі дасяжныя на афіцыйным сайце гурта
, але зараз наведнікаў там сустракае толькі надпіс з назовам каманды ды аналягавы гадзіньнік. А кампазіцыі можна выпампаваць на файлавых сэрверах, да прыкладу на www.sendspace.com
.
Так чым жа прывабіла блёгераў дагэтага анікому незнаёмая каманда? Справа ў тым, што ў вакале музыкаў (найлепш гэта чутна на трэку Ruby Room) пазнаецца голас фронтмэна вядомага поп-рокавага гурта Green Day Білі Джо Армстранга (Billie Joe Armstrong). Апошняя плытка Green Day — «American Idiot», ськіраваная супраць амэрыканскае палітыкі, выйшла ажна ў 2004 годзе ды атрымала вельмі шмат узнагародаў рознага кшталту. Канцэртны тур у яе падтрымку ахапіў ці ня ўвесь сьвет. Але ад таго часу музыкі запісалі толькі некалькі сінглаў па матывах гэтага альбому, трэк «The saints are coming
» разам з U2, ды перапелі «Working Class Hero
» Джона Ленана для дабрачыннае зборкі «Instant Karma: The Amnesty International Campaign to Save Darfur». Пакуль музыкі Green Day аніяк не камэнтуюць выхад «Stop, Drop and Roll».
Калі аўтарства Білі Джо сатаварышы ў стварэньні гэтае плыткі пацьвердзіцца, то яна стане ўжо другім па ліку ананімным альбомам Green day. Нагадаем, што ў 2003 годзе на лэйбле Adeline Records, што прыналежыць Армстрангу, ужо выходзіў new-wave альбом «Money Money 2020
» гурта The Network, які ўзбудзіў адпаведныя дыскусіі. Сваё аўтарства ў гэтым праэкце музыкі гэтаксама не прызналі, але гэта ўскосна зрабіла кампанія Warner. Зазначым, што выканаўцы з The Network выступаюць у масках ды рэзка крытыкуюць Green Day у сваіх прэсавых рэлізах. «Гэта проста шайка плягіятчыкаў, яны крадуць усе нашыя ідэі вось ужо некалькі год. Да таго ж іх дзевяціхвілінныя трэкі проста няма часу слухаць!» — кажуць яны. Чысты Zet, карацей.
Што да саміх Green Day, зараз яны працуюць над новым альбомам, які, меркавана, стане працягам «American Idiot», а гэта значыць, што Бушу-малодшаму зноўку дастанецца. Як кажуць музыкі, матар'яла ў іх накапілася ці не на паўсотню трэкаў.










Даслаць камэнтар