6 лютага адбылася цырымонія ўзнагароджаньня «Містэрыя гуку». Гэта музычная прэмія – абсалютна ўнікальная як для Беларусі, бо крытэр адбору лепшых тут адзіны – продажы альбомаў беларускіх выканаўцаў у айчынных дыскарнях. Праўда што ёсьць і чыста беларуская спэцыфіка – канкрэтныя лічбы прададзеных дыскаў не агучваюцца.
Але прадусар цырымоніі Адам Старповіч лічыць, што і просты пералік самых запатрабаваных беларускіх артыстаў дае дакладную карціну пра стан айчыннага аўдыёрынку.
- Дыскі беларускіх артыстаў прадаюцца, значыць колькасьць прададзеных дыскаў можна падлічыць. І не абавязкова гэта мусіць рабіць падатковая інспэкцыя. Але пакуль такая сытуацыя, лічбы называцца не будуць. У такім разе давядзецца адкрываць лічбы ўсім, хто прадае дыскі. А сеткі крамаў на гэта не ідуць. І толькі на такіх умовах (бязь лічбаў) яны згодныя прадстастаўляць інфармацыю.
Мэнэджэр беларускага каталогу кампаніі West Records Віктар Пазьнякоў кажа, якую мяжу трэба пераадолець беларускаму выканаўцу, каб ягоны альбом лічыўся пасьпяховым.
- З свайго досьведу магу сказаць, што дыск надрукаваны накладам у 1000 асобнікаў ужо можа лічыцца пасьпяховым. Яшчэ большы посьпех, калі гэтая лічба ў пяць разоў болей. Але ж 1000 прададзеных дыскаў на 10 000 000 беларусаў – ужо лічыцца добрым паказнікам.
Прэмія «Містэрыя гуку» адбылася ўжо ў трэці раз. Раней яе пераможцаў называлі паводле стылістычных намінацыяў, але цяпер было вырашана назваць агульны Топ-10 самых папулярных. На ўручэньні ўзнагародаў большасьць музыкаў былі зусім нешматслоўныя.
(І. Варашкевіч з «Крамы»): Вельмі нечакана і прыемна! Дзякуй!
(Л. Шырын з Da Vinci): Спасибо! Польщены!
(З. Бескаравайны, прадстаўнік «Ляпіса Трубяцкога»): Ребята не смогли присуствовать. Всем спасибо! No pasaran!
Затое, гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў словаў не шкадаваў. Музыка выказаў сумнеў, што да падлікаў прададзеных дыскаў, але зазначыў, што ўсё адно прыемна атрымаць узнагароду.
- Ня ўпэўнены, што дакладна, але ж нешта там лічыцца. Нейкія сланы раздаюцца і гэта вельмі прыемна. Прыемна бачыць калегаў, прычым з розных цэхаў. Як бы дзіка… Рэдка можна сустрэцца ў такім кворуме…
У лік лепшых трапілі апошнія альбомы гуртоў «Крамбамбуля», J:морс, «Крама», «Ляпіс Трубяцкой» і N.R.M. А вось з поп-выканаўцаў у гэтым сьпісе толькі два прадстаўнікі – «Тяни-Толкай» і Da Vinci. Удзельнік Da Vinci і аўтар музыкі да песень плоймы беларускіх выканаўцаў Лявон Шырын разважае, чаму айчынная поп-музыка ня мае посьпеху.
- Перадусім гэта пытаньне ўзроўню. А па-другое – пытаньне арыентацыі на расейскую поп-сцэну, паколькі большасьць выканаўцаў пяюць па-расейску. Але параўнаньне ідзе не на карысьць нашых музыкаў. Мы прызвычаіліся ісьці ў рэчышчы расейскай музыкі і спазьняемся звычайна на год-два, хоць таленавітыя людзі ў нас ёсьць.
На меркаваньне Лявона Шырына, каб беларуская поп-музыка карысталася попытам, выканаўцам варта сьпяваць на сваёй мове. І посьпех беларускамоўных камандаў толькі пацьвярджае яго словы.
Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў», для racyja.com
Містэрыя гуку. Top-10 самых прадавальных дыскаў беларускіх выканаўцаў у 2007 годзе
1. «J:морс» («Босиком по мостовой», альбом 2006 году)
2. «Тяни-толкай» («Как же долго я тебя искал», альбом 2006 году)
3. N.R.M. («06»)
4. «Ляпіс Трубяцкой» («Капітал»)
5. «J:морс» («Адлегласьць»)
6. beZ bileta («Кино»)
7. «J:морс» («Ледоколы»)
8. «Крамбамбуля» («Сьвяточная»)
9. Da Vinci («Bum Bum»)
10. «Крама» («Усё жыцьцё — дзіўны сон»)
Фота: jmors.by









Даслаць камэнтар