Амерыканскія футуролагі даюць газеце “Новы час” яшчэ 10 гадоў. Таму што яна харошая. Няякаснай традыцыйнай прэсе футуролагі даюць 5. У Расіі, Японіі, ЗША ўжо скарачаецца колькасць друкаваных выданняў і іх наклады – на 2-3% штогод, але футуролагі кажуць, гэта толькі пачатак. Цяжка ўявіць, што будучыня сусветных СМІ за інтэрнэт-тэхналогіямі, але нельга не прызнаць, што цяпершчына беларусіх СМІ ўжо за імі.
WORLD СУПРАЦЬ WEB – 2:0
Не прайшло і пяць год трэцяга тысячагоддзя, як чалавецтва ўсведаміла, што з’яўленне інтэрнэту было ўсяго толькі лютаўскай рэвалюцыяй. Вялікай кастрычніцкай стаў новы віток развіцця камунікацыйных тэхналогій, якія былі ахрышчаныя сеціўнымі элітамі ўмоўнай назваю “вэб 2.0”. Назва гэтая не задавальняе многіх IT-спецыялістаў, бо супярэчыць некаторым тэхнічным тонкасцям, але яна прыжылася, як і любая падхопленая журналістамі метафара. Вэб 2.0 – другое пакаленне інтэрнэту.
Традыцыйныя інтэрнэт-фарматы, вядомыя нам з 1990-х, былі звычайнай платформай для інфармацыі, – як і папяровая кніга. Мільёнам карыстальнікаў прапаноўвалася пасіўна ўжываць яе. Але, сфармаваўшыся, інтэрнэт-супольнасць здагадалася: гэта – тупіковы шлях. У інфармацыйным грамадстве прадуктыўней актыўна ствараць інфармацыю самому: аддаваць кавалачак сваёй, беручы ў замен тоны чужой. Ад кожнага па магчымасцях, кожнаму па патрэбах. Божа, няўжо дзядуля Хрушчоў меў рацыю, і колішнія савецкія людзі жывуць пры камунізме???
Асноўныя прыкметы рэсурсаў другога пакалення: сціплы дызайн, простасць кіравання, магчымасць пакідаць каментары, ладзіць апытанні, карыстальнікі самі ствараюць змест. Вось прыклад адрознення умоўнага “вэбу 1.0” ад “вэбу 2.0”, які падаўся мне самым яскравым. У правым баку рынгу рэсурс britannica.com – інтэрнэт-версія знакамітай энцыклапедыі, у левым – wikipedia.org – свабодная энцыклапедыя. З 2001 году 75 тыс. аўтараў папоўнілі яе звесткамі пра 9 мільёнаў паняццяў на больш чым 250 мовах. Больш за 9 тыс. артыкулаў складаюць Беларускую Вікіпедыю. Пабачыўшы памылку ці недакладнасць, любы чытач можа самастойна паправіць напісанае. Змены ўхваляюць або адхіляюць энтузіясты-рэдактары.
Скептыкі выказвалі недавер да якасці вікі-артыкулаў, але з часам выявілася: калектыўны розум не менш кампетэнты за энцыклапедычныя рэдкалегіі. Да таго ж, толькі ў Вікіпедыі вы знойдзеце азначэнні найноўшых з’яваў, інфармацыю пра навінкі літаратуры і кіно – усё тое, што яшчэ не трапіла ў звычайныя даведнікі, але так цікавіць людзей, што яны бавяць вольны час, ананімна пішучы энцыклапедычныя артыкулы.
Умоўны “вэб 1.0” – сайты, канешне ж, нікуды не падзеўся. Проста бізнэсоўзцы прызналі: “доткомы” (ад ангельскага “.com”) – прыносяць мала прыбытку. Іншая справа “вэб 2.0”, многія артыкулы пра які пачынаюцца з прыпавесці пра Тома Соера, які фарбуе плот. Малому ўдалося, не напружваючыся самому, зрабіць нудны занятак шалёна цікавым для аднагодкаў, дамагчыся цудоўна выкананай працы і ў дадатак добра на гэтым зарабіць.
ТРЭЦЯЕ ПАКАЛЕННЕ
Публіцысты, псіхолагі і сацыёлагі вельмі любяць перамываць косці тым, каго яны ахрысцілі “сеціўным соцыюмам”. Але ў гэтага медаля ёсьць і адваротны бок: апошнім часам загаварылі пра “сацыяльныя сеткі”. Уся ўлада ў вэб 2.0 належыць суполкам, якія могуць групавацца па інтарэсах, па ўзроставай, гендэрнай ці нацыянальнай прыналежнасці. Іерархія ў гэтых суполках, дзе людзі часцей за ўсё не знаёмыя ў рэальным жыцці, не залежыць ад статусу чалавека ў офлайнавым грамадстве, а будуецца паводле значнасці ўнёску, які ўдзельнік зрабіў у агульную справу. “Я кажу слухачам на занятках, што інтэрнэт – не толькі кампутарная сетка, гэта інфармацыйная і сацыяльная сетка. Гэта кампутары, інфармацыя, якую яны транслююць, і людзі, якія за імі сядзяць”, – кажа Антон, адміністратар адукацыйнага інтэрнэт-цэнтру IATP. Блогасфера (той жа livejournal.com) – адзін з цэнтральных феноменаў веб 2.0 – таксама СС. Аднак Антон лічыць, што глабальныя СС кшталту facebook.com і яе кірылічнага аналагу vkontakte.ru, – гэта нават не другое, а трэцяе пакаленне інтэрнэту. Іх асноўным адрозненнем ад блогасферы ён называе “неананімнасць”. Інтэрнэт-дзённік можа весці і Чырвоная Шапачка (прынамсі, Віні Пух у беларускіх блогах фігуруе). У глабальных СС доступ да пошуку аднакласнікаў, сваякоў і знаёмых атрымліваюць узамен на праўдзівую інфармацыю пра сваю асобу. Адміністратары выдаляць профіль, калі зафіксуюць хлусню. Чалавецтва імкліва перарастае комплекс Жорж Санд і Ведзьмака Лысагорскага. Падпісвацца ў сеціўнай камунікацыі выдуманай мянушкай робіцца ўчорашнім днём. Як вынік, сетка vkontakte.ru налічвае на 6 мільёнаў карыстальнікаў, сетка odnoklassniki.ru – 9 мільёнаў, і гэтыя лічбы растуць у геаметрычнай прагрэсіі.
Вось толькі некаторыя прыклады СС, якія ўпрыгожваюць жыццё інтэрнэт-актыўным менчукам: flikr.com – глабальны каталог лічбавага фота. Дазваляе захоўваць онлайн свае фотаздымкі, а таксама шукаць здымкі на любую тэматыку з усяго свету; на сёння там можна знайсці 17 тыс. фота з пазнакай “Belarus” і 15 тыс. з пазнакай “Minsk”. Клуб гасціннасці hospitalityclub.org – рэсурс, дзе моладзь з розных краінаў пакідае свае дадзеныя, тым самым запрашаючы замежнікаў да сябе ў госці: вы можаце вандраваць па ўсім свеце, узамен прымаючы ў сваім горадзе гасцей з усяго свету; на сёння на сайце зарэгістравана каля 1,2 тыс. беларусаў. Інтэрактыўная кінаафіша Менску kino.br.by: вы можаце пабачыць не толькі расклад сеансаў усіх сталічных кінатэатраў, але і рэйтынг фільмаў паводле глядацкіх ацэнак, рэцэнзіі кінакрытыкаў і водкукі “тых, хто схадзіў”. Антон: “Эталонны прыклад СС – праграма icq, якая з’явілася ў 1996 годзе і надоўга апярэдзіла свой час”.
НА БЕЛАРУСІ БЛОГ ЖЫВЕ
Калі ўвесь свет асудзіць тэхналогію вэб 2.0 за забойства традыцыйных СМІ, яна, як тыя езуіты за Екацярынай Вялікай, знойдзе сабе палітычны прытулак у Беларусі. Бо мае тут жалезнае алібі. Блогі і інтэрактыўныя парталы не забівалі беларускія СМІ. Яны зрабіліся імі. Беларускіх вэб 2.0 газетаў у чыстым выглядзе не існуе, але вядучыя незалежныя СМІ – “Хартыя-97”, “Радыё Свабода”, “Наша ніва” ўжо адаптавалі свае сайты пад веб 2.0: цяпер там можна пакідаць каментары, і калі ты не згодзен з пазіцыяй аўтара, ты можаш гаварыць з ім пра гэта.
Ці не 80% навінаў у афіцыйных беларускіх СМІ напісана ў будучым часе. Вычытаўшы ў pdf-версіі часопісу “Абажур” гэтае назіранне Алесі Серады, я запляскала рукой па стале ў пошуку асадкі, каб пад ім падпісацца. У 2012 годзе абудуюць АЭС, у 2008-м рост заробкаў удвая перагоніць рост інфляцыі, – паведамленнямі такога кшталту поўніцца эфір і газетныя палосы. І калі тэлевізар паведамляе, што ў Рэчыцы поўным ходам ідуць “Дажынкі”, – гэта ні для каго не складае навіну, бо ўсе СМІ краіны паўгоду бесперастанку вяшчалі, што “Дажынкі” пройдуць, і пройдуць яны ў Рэчыцы. І калі б пасярод сьвята “Дажынак” раптам расхінуліся нябёсы, і на галоўную плошчу Рэчыцы спусціўся Хрыстос, наўрад ці б гэта прыйшлося даспадобы дзяржаўным СМІ, бо яны перавучыліся паведамляць аператыўна толькі пра запланаванае. Пляваць на сенсацыі – абы чаго не выйшла. Інфармацыйны вакуум прывёў да таго, што навіны, якія сапраўды цікавяць беларусаў, чакаюць іх толькі ў інэрнэце. Самы растыражаваны прэцэдэнт – допіс, які змясціў у верасні 2006 году у сваім блогу пасажыр электрычкі “Менск-Пухавічы”: ён стаў сведкам таго, як п’яная публіка, вяртаючыся з Дня Гораду, пачала бойку “сценка на сценку”, разбіўшы некалькі вагонаў. Менавіта ад блогераў, а не з міліцэйскіх зводак газетчыкі даведаліся, што адбылося. Так што, калі Хрыстос прызямліцца ў Гародні, першымі пра гэта паведамяць гарадзенскія блогеры. Прычым абсалютна бясплатна. Нездарма блогінг часта называюць народнай ці грамадзянскай журналістыкай.
РАЗАМ ДА ЗОР
Штодня ў байнэце публікуецца тысячы паведамленняў – прызнанні ў каханні, скаргі на зубны боль, справаздачы пра сустрэчы на вуліцы, сваркі і звады, боль і горыч… Як вызначыць вартае? Інтэрнэт-соцыюм сам фільтруе інтэрнэт базар, спасылаючыся на цікавыя допісы ці ставячы ім адзнакі. Да таго ж, існуюць рэсурсы, якія з дапамогай рэйтынг-праграмаў збіраюць найпапулярнейшыя спасылкі. Напрыканцы 2007 году такі сайт з’явіўся і ў беларускай блогасферы. Пра тое, як працуе сайт 101blog.net, я даведалася ад Глеба, яго тэхнічнага рэдактара.
Лічба 101 у назве не мае нічога агульнага ні ж пажарнай службай, ні з шчанюкамі-далмацінцамі. Яна азначае “многа беларускіх блогаў і яшчэ крышачку”. На сёння стваральнікі сайту ўручную прадпісалі яму сачыць за зместам каля 11 тыс. беларускіх блогаў, у асноўным гэта – рэсурс ЖЖ. У канцы сутак некалькі рэдактараў апрацоўваюць інфармацыю і выкладваюць на сайт агляд: тэмы, якія выклікалі найбольш спасылак, самые жывыя абмеркаванні. Наведнікі галасуюць за найлепшы пост тыдня, месяца.
(…)
КАНФЕРЭНЦЫЯ? НЕ
8-10 лютага ў Рызе адбудзецца буйная міжнародная канферэнцыя блогераў Barcamp Baltics, прысвечаная развіццю вэб 2.0. Не, не канферэнцыя, а “не-канферэнцыя” ці “анты-канферэнцыя”. Кожны ўдзельнік не-канферэнцыі – адначасова яе арганізатар, з дапамогай інтэрнэту абавязкі размеркаваныя пароўну паміж удзельнікамі з розных кропак планеты. У Расіі нават прыдумалі ўласнае слова для такіх падзеяў – “самосборы”.
Першы бар-кэмп быў праведзены ў 2005 годзе ў ЗША, цяпер іх сотні. На сайце barcamp.org можна даведацца пра найбуйнейшыя не-канферэнцыі, якія неўзабаве пройдуць у свеце. Тэарэтычна тэмай міжнароднага збору можа стаць любы прадмет, напрыклад, сераднявечная паэзія Ўсходу альбо тушканчыкі. Але як правіла, удзельнікі абмяркоўваюць з’явы, пра якія вы нічога не знойдзеце ў бібліятэках. Найчасцей у анонсах бар-кэпмаў сустракаюцца словы “новае”, “перспектыўнае”, “актуальнае”, “будучыня”. Найноўшыя камунікацыйныя тэхналогіі – цэнтральная праблематыка баркэмпаў, бо ж і сам фармат не-канференцыі – дзіця новых камунікацыяў.
Юрась, (блогер antik1ller) – “амбасадар” Беларусі ў Barcamp Baltics, ён каардынуе беларускую групу. У Рыгу едзе 24 блогеры, расказвае Юрась, – гэта самая прадстаўнічая дэлегацыя пасля каманды гаспадароў. На яго думку, беларусаў надзвычай цікавіць такі фармат, бо сённня немагчыма зладзіць незалежную канферэнцыю па блогінгу ў Беларусі: “Як сказаў аднойчы прадстаўнік арганізацыі “Рэпарцёры бяз межаў”, блогеры – новыя глашатаі свабоды, а гэта не вельмі падабаецца ўладам. Усе, хто едзе на бар-кэмп, па большай частцы звязаныя з незалежнымі СМІ. Вэб 2.0 – гэта дыялог, то бок прэса (тыя ж газеты) ужо не могуць дыктаваць свае правілы. У Беларусі год таму таксама ладзілася канферэнцыя “Байнэт 2.0”, але ніводнага прадстаўніка незалежных СМІ сярод удзельнікаў (не слухачоў) там не было”.
Спіс прэзэнтацый, якія беларускія ўдзельнікі прапануюць у Рызе, мяняецца штогадзіны. Але дакладна вядома, што адбудзецца прэзэнтацыя рэсурсаў 101blog.net і моладзевага парталу uff-by.org. Апроч таго, многія бяруць удзел у працы “інкубатару іннавацый”, які, трэба спадзявацца, дапаможа хлопцам і дзяўчатам увасобіць у жыццё карысныя і патрэбныя інтэрнэт-праекты.
Ісцінны твар Беларусі можна пабачыць на рэсурсе flikr.com. Калі запытацца пра “самыя цікавыя” фотаздымкі па тэме Belarus, ён выдае фотаздымкі жыхарак вёскі “Olmany” Столінскага раёну. Гэты здымак называецца “Yellow Babooshka”.












Даслаць камэнтар