eng  |  de  |  fr  |  ru  |  ua






Пошук:

Навігацыя

Уваход на сайт

Апытанне

Рассылка

Падпішыся на рассылку


Рэклaма

Аўтарскі праект Зьмітра Кіселя - « Інтэрв’ю з Вацлавам Ластоўскім»

Ідэя "пагутарыць" з Ластоўскім (а дакладней - да літары "скласьці" гутарку з выразаў, думак і меркаваньняў гісторыка, прэм’ер-міністра БНР) прыйшла ў галаву аматару гісторыі, чалавеку, які на працягу трох год вывучае асобу Ластоўскага, Зьмітру Кіселю (Вацлаву Паспалітаму). Гэта, у пэўнай ступені, дало яму нейкае ўнутранае права ўсё ж такі паспрабаваць задаць Вацлаву Ластоўскаму некаторыя пытаньні.

Перад тым, як задаць хвалюючыя пытаньні Вацлаву Юстынавічу, я яшчэ раз нагадаю пра жыцьцёвы шлях нашага героя.

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў сям'і безьзямельнага шляхціча. Ад 1906 году Ластоўскі жыў у Вільні. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Літва), бібліятэкарам у Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва унівэрсітэце. У 1906–1908 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні, у 1916–1917 — рэдактар газеты «Гоман», у 1918 выдаваў газету «Krywičanin». У канцы 1918 узначаліў прадстаўніцтва ўрада БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскай амбасаде ў Берліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР.

У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі – акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.

У 1930 годзе Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюза вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэке. Паўторна арыштаваны ў 1937г. 23 студзеня 1938 годзе яго расстралялі.

 

Вацлаў Юстынавіч, калі ласка, адкажыце нам, беларусам 21 стагодьдзя, што адбылося 25 сакавіка 1918 году і пасьля сакавіка 1918 году? Шмат гісторыкаў і палітыкаў нашага часу лічуць БНР і нацыянальна-вызваленчы рух фарсам.

25 сакавіка 1918 году Беларусь была абвешчаная незалежнай дзяржаваю. Не спадабалася гэта бальшавікам і палякам. Яны не далі магчымасьці паўстаць незалежнай беларускай дзяржаве, хоць дзеля абароны незалежнасьці Беларусі у 1920 годзе на Случчыне было зарганізаванае ўзброенае паўстаньне. Варожыя вялікшыя сілы, аднак, перамаглі адважных і слаўных случакоў, а Беларусь бальшавікі і палякі падзялілі паміж сабой. Такім парадкам далей адбывалася чужацкае панаваньне на Беларусі. Далей Беларусь была эксплуатаванай, а народ беларускі мусіў гараваць. 3 цяжкім лёсам народу не згаджаліся лепшыя сыны Беларусі. Яны далей вялі змаганьне з бальшавікамі і палякамі. Шмат каму давялося злажыць свае галовы на алтар Бацькаўшчыны, шмат каму давялося пакутаваць у вастрогах, канцэнтрацыйных лягерах і ссылках. Усё ж такі рух беларускі разьвіваўся і рос, надзея ж на лепшую будучыню усьцяж павялічвалася і павялічваецца. Каб хутчэй яна зрэалізавалася, у адраджэнскай працы, у адраджэнскім нацыянальным беларускім руху павінны браць удзел усе беларусы.

 

Вы шмат зрабілі для абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і для абароны яе, але чаму ж яна не ўтрымала свае пазыцыі?

БНР не спадабалася бальшавікам і палякам! Гэта галоўныя ворагі! Яны усяк рвалі Беларусь, бо навошта ім мы незалежныя? Вы уявіце сябе, якая сіла рушыла на наш Урад БНР! У нас не было шансаў, тым больш, мноства нацыянальных дзеячаў перайшло на бок Польшчы. Яны паверылі абяцанкам Пілсудзкага. Мноства перайшло на бок бальшавікоў. Тыя сыны, якія засталіся з нацыянальнай ідэяй пачалі барацьбу супраць бальшавікоў і палякаў. Яшчэ 21 сьнежня 1918 году я ў Гродна стварыў Савет дзяржаўнай абароны пры Радзе БНР. Савет дзяржаўнай абароны на чале са мною павінен быў зфармаваць узброены партызанскі чын і супрацьстаяць войску бальшавікоў. Пры дапамозе СДА і Краёвай абароне Літвы ў Гродна ствараецца беларускі вайсковы полк. Узначаліў полк Кастусь Езавітаў, у полк увайшлі 30 афіцэраў і 200 салдатаў.

Вось Вацлаў Юстынавіч, каго Вы лічылі сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў барацьбе за вольнасць нашага народа?

Безумона, канешне гэта Літоўскі народ. Я і Антон Луцкевіч прапанавалі абнаўленьне Вялікага княства Літоўскага (ВкЛ), дзеля гэтага былі зробленыя спробы стварэньня канфедырацыі Літва-Беларусь, але нямецкае кіраўніцтва пайшло на падаўленьне гэтае мэты. Нямецкая адміністрацыя, захапіўшы Вільню, абвесьціла, што землі Літвы і Беларусі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. У 1917 годзе ЛНК утварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу). Тарыба з’явілася галоўным дзяржаўным ворганам Літвы. У склад Літоўская дзяржаўнай рады увайшлі прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта. Літоўская рада прадставіла сваім беларускім сябрам месца ў Літоўскім урадзе, дзеля сумеснай барацьбы за незалежнасьць. У 1916-1925 гадах паміж Літоўскім і Беларускім нацыянальным рухам былі усталяваныя вельмі цёплыя адносіны. Асабліва ў 1918-1922 гадах. Літоўскія сябры першыя прызналі незалежную Беларусь і разам з намі змагаліся за нашую сьветлую будучыню.

Так, Вацлаў Юстынавіч мы ведаем гэтыя факты з гісторыі, і трэба адзначыць што такое цеснае супрацоўніцтва адбылося дзякучы Вам. Але ж было б вельмі цікава пачуць ад Вас, як вялася сумесная барацьба Літоўскага народа і народа Беларусі супраць бальшавікоў і палякаў.

Больш шчыльнае супрацоўніцтва пачалося ў канцы 1918 году. 27 лістапада 1918 году ў паседжаньні Літоўскай Тарыбы прыняла ўдзел дэлегацыя Рады БНР на чале са мною. На паседжаньні я зрабіў заяву "...прымаючы за ідэал стварэньне федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы... Рада БНР лічыць патрэбным далучыцца да пэўнай працы Тарыбы, бо лічыць яе адзіным прадстаўніцтвам Літвы". У склад Літоўскай Тарыбы ўвайшлі шэсьць беларускіх палітычных дзеячаў. Таксама ў Літоўскі ўрад увайшоў у якасьці міністра па беларускіх справах Язэп Варонка. Літоўскія нацыянальныя сілы і нацыянальныя сілы Беларусі ў хуткім часе выступяць адзіным фронтам супраць бальшавікоў.

Мы таксама ведаем, што барацьба супраць палякаў з Вашаго боку таксама пачалася не адразу, а паступова. І трэба адзначыць, што Вы афіцыйна аб’явілі вайну палякам і бальшавікам дзесьці ў канцы 1919 года.

Гэта так. Усё ж былі нейкія думкі, што можа Пілсудзкі ня брэша. Так ці не, але яшчэ 11 ліпеня 1919 года ў газеце беларускіх эсэраў "Беларуская думка" я заявіў, што ні Польшча, ні бальшавіцкая Расія ня могуць вырашаць лёс беларускага народа. А таксама заявіў, што ён (народ) у хуткім часе створыць нацыянальны цэнтр для пачатку вызваленьня Беларусі ад усіх акупантаў. Вострая палітычная барацьба паміж намі – нацыяналістамі - і прыхільнікамі польскай арыентацыі разгарнулася на сэсіях Рады БНР. Захапіўшы ініцыятыву, мая фракцыя эсэраў дабілася пераабраньня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 12 лістапада 1919 года, ужо ў абноўленым складзе, памкнулася на сваё першае паседжаньне Рада БНР. Аднак, ужо пры абмеркаваньні позвы дня выявілася, што сярод яе сяброў няма поўнага адзінства. Прадстаўнікі буржуазных палітычных партый і груп прапанавалі ўключыць БНР у склад Польшчы і неадкладна выслаць ад імя Рады і ўрада БНР вітальную тэлеграму Юзэфу Пілсудзкаму. Апазыцыя Рады БНР у маім твары адхіліла гэтую прапанову. Рознагалосьсі, што ўзьніклі сярод беларускіх палітычных груповак, яшчэ больш выразна выявіліся на другім паседжаньні Рады. Другое паседжаньне Рады БНР і ўрада БНР пачалося 12 снежня 1919 году. Прапольскія фракцыі, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі групы Антона Луцкевіча, сацыял-дэмакраты і "Хрысціянскі саюз", ізноў прапанавалі ўвайсьці БНР у склад Польшчы. Але беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты, якія далучыліся да іх, і гэтым разам адхілілі прапанову.

 

Пасьля працяглай і напружанай барацьбы, якая разьвярнулася па гэтым пытаньні, беларускія эсэры пад маім лідэрствам абвесьцілі сваю дэклярацыю. У ёй выяўляўся рэзкі пратэст супраць польскай акупацыі, і пацьвярджалася пастанова Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 году аб незалежнасьці БНР. Я падкрэсліў, што рэчы трэба зваць сваімі імёнамі і менавіта Польшча, Расія, Нямеччына - акупанты, якія зьнішчаюць і не прызнаюць ідэалаў БНР, а таксама патрэбаў народа Беларусі. Таксама я агучыў сьпіс здраднікаў БНР, а таксама тое, што новы ўрад і Рада БНР будуць Беларускімі! Таксама ў дэкларацыі былі сфармуляваныя і асноўныя становішчы новай палітыкі БПС-Р (эсэраў), новая палітыка прадугледжвала барацьбу супраць бальшавікоў і палякаў. Новая праграма БПС-Р засталася дакладнай нацыянальнай ідэі. У ёй, як і ў папярэдняй праграме, на першае месца высоўвалася барацьба за нацыянальнае вызваленьне Беларусі. БПС-Р (эсэры) у склад яе уваходзіла каля 30 тысячаў беларусаў.

Прапольская фракцыя пакінула залу паседжаньня ў знак пратэсту эсэрам. Яны пайшлі на кватэру да А.Уласава й абралі сваю "Найвышэйшую Раду". У яе склад увайшлі Лесік, Рак - Міхайлаўскі, Смоліч, Тырэшчынка і Уласаў. Прапольская фракцыя налічвала 37 дэпутатаў Рады БНР з 87 дэпутатаў. 50 дэпутатаў Рады БНР падтрымалі Ластоўскага.

Я са сваімі паплечнікамі ствараю новы ўрад. У яго склад увайшлі сам Ластоўскі (лідэр) К.Езавітаў (міністр вайсковых спраў), Т.Грыб (міністр унутраных справаў), Я.Ховіч ( міністр нацыянальнай меншасьці), А.Станкевіч (міністр веравызнаньня), а таксама П.Бодунова, Е.Мамонька і інш.

У канцы 1919 году Рада БНР пад маім началам стварае шырокую сетку партызанскіх атрадаў, якія знаходзіліся пад кантролем беларускіх эсэраў. Паступова ўсе партызанскія атрады Рады БНР і партызанскія атрады эсэраў аб’ядналіся ў адзіны цэнтр – Народную ваенную самаабарону (НВС). НВС стала пачаткам беларускага нацыянальнага войска Рады БНР, якое цалкам аформіцца ў сярэдзіне 1920 году. У канцы 1919 на пачатку 1920 ўрад БНР пад маім кіраўніцтвам дабіўся стварэньня вайскова-дыпламатычных місіяў БНР у Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нямеччыне.

 

 

Да, безумоўна мужныя, вельмі радыкальныя крокі Вы рабілі. Многія лічуць, што яны б прынесьлі больш посьпехаў, але нажаль, нашага народу няма. “Няма беларускага народу”, - кажуць яны!

 

Беларусы з’яўляюцца народам, бо маюць сваю асобную мову, беларускую, засяляюць суцэльнай масай адну тэрыторыю, маюць сваю даўную гісторыю, культуру, звычаі, становяць асобны фізычны і духовы тып і праяўлялі ды праяўляюць сваю нацыянальную сьведамасьць і волю, імкнучыся да лепшага самастойнага жыцьця. Беларус павінен любіць свой край, сваю мову і не выракацца іх. Павінен дбаць, каб у беларускім краі разьвіваўся дабрабыт, беларуская культура, і каб народ увесь быў шчасьлівым. Для дабра свайго народу і краю беларус павінен быць гатовым на найвялікшыя ахвяры, нават аддаць жыцьцё.

 

Дык чаму ж, чаму ж Беларуская Народная Рэспубліка так хутка зьнікла? Чаму ад нас ухадзіла вясна?!

 

Беларуская Народная Рэспубліка з’явілася першым дзяржаўным утварэньнем беларусаў. БНР стала не проста першай рэспублікай яна стала абвяшчэньнем існаваньня нашай нацыі. БНР стала волевыяўленнем нашага народа. Дзякуючы абвяшчэнню БНР міжнародная супольнасьць прызнала нашыя правы на незалежнасьць і самавызначэньне. БНР – стала нашаю вясною! І ёсьць тыя людзі, якія нашую вясну аберагаюць. Пакуль гэтыя людзі ёсьць – БНР жывая! Мы грамадзяне БНР!

 

Вы, як прэм’ер – міністар БНР, як адклікнуліся на Рыжская мірная дамова?

 

18 сакавіка 1921 году быў падпісаны Рыжская мірная дамова. Згодна з дамоваю Польшчы адыходзіла значная частка Беларусі – 113 тыс. квадратных км з насельніцтвам звыш 4 млн. чалавек. За БССР захавалася толькі шэсьць паветаў Менскай губерні, у якіх пражывала звыш 1,6 млн. чалавек. У той момант калі адбываліся перамовы Рада БНР імкнулася атрымаць дазвол на удзел, але нічога не выйшла. Беларусь разарвалі на дьзве часткі без дазвола беларуса.

Я ў гэты момант склікаю пасяджэньне Рады БНР, дзе заяўляю: “…ні Расея, ні Польшча не могуць казаць пра будучыню Беларусі...”

25 сакавіка 1921 году ўрад БНР пад маім кіраўніцтвам прыняў зварот “Усяму культурнаму сьвету”, дзе казалася, што Рыжскі мір - гэта надсьмешка з дэмакратыі і яе ідэалаў, што гэта злачынства супраць нацыі. Таксама ўрад БНР заявіў, што Рыжская дамова ніколі ня будзе прызнанай беларускім народам, і ўрад БНР будзе змагацца да апошняй кроплі за сваю незалежнасьць і непадзельнасьць.

Рыжская дамова – надсьмешка над агульнымі каштоўнасьцямі дэмакратыі! Нажаль толькі БНР цягнулася да каштоўнасьцей!

Мы ведаем, што замест Беларускай Народнай Рэспублікі бальшавікі стварылі БССР. Вацлаў Юстынавіч, калі ласка, выкажыце сваё меркаваньне аб БССР.

Бальшавiкi ўтварылi Савецкую Беларускую Рэспублiку i крычаць на ўвесь сьвет, што гэтым далi беларускаму народу волю. А цi гэта так? Не! У савецкай Расеi “незалежная” Сацыялiстычная Беларуская Рэспублiка ня мае нi сваiх уласных грошай, нi свайго беларускага войска, нi сваёй асобнай беларускай пошты, нi сваiх чыгунак, нi сваiх прадстаўнiцтваў за мяжою. Якая ж незалежнасьць, калi грошы ў руках у маскалёў, войска ў маскальскiх руках, чыгунка i пошта ў iх i зносiны з замежжам у iх таксама.

Гэтай куртатай “незалежнасьцю” ў дадатак кiруе не ўвесь народ, а толькi адна камунiстычная партыя, якую аплочвае Масква i якая за гэта верна Маскве служыць, абдураючы свой народ ды прадаючы яго ў маскальскую няволю. Камунiсты, як i палякi, высякаюць беларускiя пушчы i прадаюць за мяжу, а грошы забiраюць у маскоўскую казну. Камунiсты, як i палякi, трымаюць у Беларусi сваiх маскалёў-чыноўнiкаў.

Камунiсты па дворах, даўней панскiх, панасаджалi розных прыблудаў i не даюць зямлi беларускаму селянiну. Камунiсты ня горш палякаў абiраюць беларускага селянiна падаткамi й паборамi, пакiдаючы яго галодным. Камунiсты, як i палякi, за працу для свайго беларускага народа i за праўду саджаюць людзей у турмы й астрогi, б’юць i расстрэльваюць. Камунiсты, урэшце, i ва ўрадах i ў школах, падтрымлiваюць чужую беларусам расейскую мову. Гэты кароткi агляд становішча беларусаў пад Польшчай i пад Масквою паказвае, што нi там нi тут не мае беларус свабоды, што ён знаходзiцца ў няволi, у рабстве. Каторая няволя горшая, маскальская цi польская, сказаць цяжка. I саламенны, i раменны хамут муляе шыю. Мы бачым, як перад нашымi вачыма вызваляюцца адны за аднымi прыгнечаныя i паняволеныя народы, як яны скiдаюць з сябе пачародна пераржавелыя путы палiтычнай i культурнай няволi. Адны ўжо сёньня вольныя i свабодныя ў сваiх дзяржавах, другiх гэта свабода чакае заўтра.

Беларусь апынулася ў старых, нанова пераладжаных, маскальскiх аковах. Мазаiка розных народнасьцяў, склееная беспашчаднай тыранiяй усходнеазiяцкага тыпу, цэлыя стагодьдзі трымала на сваiх плячах будынак расейскага iмпэрыялiзму. З упадкам царызму расейскi iмпэрыялiзм атрымаў ў спадчыну камунiзм, якi, аднак, уступаючы напору жывога жыцьця, агалосiлi Саюз Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк. У тэорыi выходзiць, што паводле гэтага акта атрымала з рук камунiстаў незалежнасьць i Савецкая Беларусь. Але на практыцы гэта савецкая “незалежнасьць” толькi баламуцтва. Савецкая “незалежная” Беларусь, нават як яна цяпер выглядае ў пашыраным выглядзе, гэта толькi частка беларускiх зямель, выдзеленая ў земскае самаўпраўленьне. Савецкая Беларусь ня мае свайго беларускага войска, ня мае сваёй беларускай манеты, ня мае сваiх асобных межаў ад усёй Расеi, ня мае сваёй беларускай школы. Менскi унiвэрсытэт, Горацкi сельскагаспадарскi iнстытут i другiя школы абслугоўваюцца маскалямi або абмаскаленымi i iншымi элемэнтамi. Навука ў сярэднiх i вышэйшых школах выкладаецца па-расейску.

 

Вацлаў Юстынавіч, мы бачым, што Вашая палітыка цалкам накіраваная на нацыянальнае вызваленьне, на пабудову Беларусі на грунце нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасьцяў.

 

Так. Гэта так. Мы маем права звацца Вольным Народам! Мы заслугоўваем гэта нашым гістарычным шляхам!

 

 

Што датычыцца нашай гісторыі, дык тут вельмі хвалюючае пытанне ў мяне да Вас. Вось мноства палітыкаў кажуць, што няма ў нас гісторыі, што гэта ўсё прыгожая легенда!

 

Гэта прапаганда бальшавікоў! У нас вялікая гісторыя!

Беларусы маюць сваю багатую і цікавую гісторыю, мінуўшчыну. Гісторыяй Беларусі зьяўляецца гісторыя беларускіх плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў, северанаў, дзераўлянаў. Беларускай гісторыяй зьяўляецца гісторыя беларускіх княстваў: Полацкага, Смаленскага, Турава-Пінскага і іншых, якія уваходзілі у склад гэтых вялікіх княстваў, як Віцебскае, Менскае і іншыя. Да гісторыі Беларусі належыць гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, якое паўстала з беларускіх і літоўскіх земляў у ХІІІ стагодзьдзі і ахоплівала ня толькі ўсе беларускія, але таксама літоўскія і украінскія землі. Яно было магутным слаўным, беларускім гаспадарствам. Гісторыяй Беларусі зьяўляецца гісторыя - апісаньне барацьбы беларусаў з чужым расейскім і польскім наступам, з чужымі уплывамі за свабоднае сваё беларускае жыцьцё, за вызваленьне з-пад чужое расейскае і польскае улады, пад якой часова быў наш народ.

У найдаўнейшых часох беларусы жылі самастойна і кіравалі усё сваё жыцьцё праз веча, народныя сходы. Старшыні нашага народу радзілі і пастанаўлялі аб усім. Пасьля беларусы пачалі выбіраць сабе князёў, якім даручалі кіраўніцтва гаспадарствам. Нашыя князі мелі сваю вяліка-княскую сталіцу у Полацку, а ўдзельныя князі былі у Віцебску, Менску, Друцку, Смаленску, Тураве, Горадні, Чарнігаве і у шмат якіх іншых гарадох. Каля XIII стагодзьдзя Беларусь была падзеленая на шмат драбнейшых княстваў, а гэта таму, што пасьля сьмерці бацькі-князя сыны дзялілі "вотчыну", як цяпер, прыкладам, дзеляцца у нас на вёсках сяляне. Ад гэтага народ беларускі вельмі аслабеў быў і чуць не падпаў пад уладу чужынцаў, але пасьля беларускія землі былі ізноў аб'яднаныя і беларускае гаспадарства паўстала ў форме Вялікага Княства Літоўскага (Беларускага).

Важнейшыя з нашых князёў былі: Рагвалод, які княжыў у Полацку у Х стагодзьдзі, Ізяслаў, Брачыслаў, Усяслаў і інш. Найболей уславіўся Усяслаў: у ягоны гонар і свае і чужыя складалі песьні пахвалы. Аб ім адна старасьвецкая песьня кажа: "Князь Усяслаў людзей судзіў, князём гарады парадкаваў".

3 роду нашых князёў былі і князі Вялікага Княства Беларускага (Літоўскага), якое задзіночыла ўсе беларускія, а таксама літоўскія і украінскія землі. 3 гэных князёў найбольш уславіліся Міндаўг, Гэдымін, Альгэрд, Вітаўт, Казімер ды іншыя. Альгэрд хадзіў вайною на Маскву і, здабыўшы яе, шчыт свой прыбіў да Маскоўскіх варотаў. Вітаўт уславіўся мудрасьцяй і сілай. Ён хацеў каранавацца на караля беларускага, але палякі адабралі ад паслоў залатую карону, якую прыслаў яму Папа рымскі на каранацыю. 3 роду беларускіх князёў паходзілі і каралі польскія (Ягелёны). І Уладыслаў Ягела, які быў каралём польскім, да канца жьцьця свайго ня умеў гаварыць па-польску, а толькі па-беларуску, і ня дзіва, бо маці ягоная была княгіняй Віцебскай, ён гадаваўся у Віцебску і быў там князем.

У Вялікім Княстве Беларускім (Літоўскім), якое было беларускім гаспадарствам, беларуская мова была дзяржаўнай. Па-беларуску адбываліся ўсе суды і соймы, пісаліся ўсе дакумэнты, па-беларуску гаварылі ўсе паны, вяльможы, князі, па-беларуску вучыліся у школах і маліліся у цэрквах і касьцёлах. Словам, усё жыцьцё, увесь лад, звычаі былі беларускія.

Пасьля да беларускага гаспадарства далучылася і Польшча, як роўная з роўным і вольны з вольным. Злучэньне гэтае надыйшло дзеля таго, каб лягчэй было адбіваць супольнымі сіламі напады татараў, маскоўцаў і іншых ворагаў. Але, нажаль, гэтае злучэньне дабра беларусам ня прынесла. Палякі памогі у войнах не давалі, ды паступова адбіралі у беларусаў волю і роўнасьць, упрагаючы беларускі народ у паншчыну, а паноў і духавенства апалячваючы. За 200 год "вольнасьці" і "роўнасьці" з палякамі беларусы сталіся паняволеным народам без свае пісьменнасьці, без гаспадарсьцьвенага і грамадзкага права. У Польшчы ня было парадку, і дзеля таго у канцы XVIII стагодзьдзя яна і разам з ёй Беларусь была падзеленая між Расеяй, Аўстрыяй і Нямеччынай. Беларусы пасьля разьдзелу трапілі з агню ды у полымя - з польскіх - у "братнія" маскоўскія абоймы. Пасьля польскага панаваньня беларусы засталіся чуць жывыя, а тут маскоўскія "браты" пачалі яшчэ больш іх душыць, каб сьцерці сьлед беларускага народу, каб абмаскаліць усіх беларусау. Палякі цягнулі беларусаў-каталікоў да сябе, а маскалі зноў цягнулі да сябе беларусаў праваслаўных. Адныя і другія стараліся, каб беларусы забыліся, што яны беларусы, што яны асобны народ, што нашая зямля нашая, а не маскоўская, або польская, і што яны тут воўчым правам сталіся гаспадарамі. Але народ наш і у гэтай чужацкай напасьці выявіў нязвычайную жывучасьць і моц.

Ніякія польскія путы, ніякія маскоўскія нагайкі і астрогі ня здолелі адабраць ад нашага народу ягонага найдаражэйшага скарбу - роднае беларускае мовы. Усё, што маглі яны адабраць, адабралі: і школы, і цэрквы, і касьцёлы, і зямлю, і лясы, і рэкі і гарады, і багацьце, а мовы аднак у пашага народу ня здолелі адабраць! А калі наш народ захаваў мову, то ён жыве і будзе жыць. Праз мову наш народ здолеець адрадзіцца ды зноў зрабіцца вялікім, дужым і слаўным.

 

Вацлаў Юстынавіч, безумоўна, кожнае Вашае слова гэта наказ нам, за кожны Ваш крок у гісторыі ў нас гонар. Але ж выкажыце асноўны наказ беларусу, што яму трэба ведаць!

 

Мы гордыя тым, што мы беларусы, крывічы, бо мы - народ здольны. 3 нашага народу выйшла багата славутых людзей, за якіх ніколі нявыплачаны доўг маюць перад намі і палякі (Касьцюшка, Міцкевіч, Сыракомля, Крашэўскі, Манюшка і шмат інш.), і маскалі (Дастаеўскі, Глінка і шмат інш.), і іншыя нашыя суседзі. Пра нашую здольнасьць сьведчаць таксама нашыя звычаі і абычаі, нашыя песьні і казкі, нашае будаўніцтва, усякія культурныя памятнікі і інш. Каб нашае становішча было ясным, мы павінны быць наскрозь беларусамі. Ня толькі ўсюды з усімі гаварыць пабеларуску, але і вымагаць, каб надпісы у крамах, дзе мы купляем тавары, былі пабеларуску, каб вуліцы называліся пабеларуску, каб усюды панавала у нас беларушчына.

Мусім старацца, каб наша Бацькаўшчына наскрозь мела наш родны беларускі выгляд. Мы маем свой герб, званы "Пагоняй", і свой беларускі бела-чырвона-белы нацыянальны сьцяг.

Людзьмі трэба звацца! Людзьмі беларускімі!

Зміцер Кісель

 

 

"Успаміны пра БНР" (Галоўная старонка)

 

 


 


ArtNews

   Изображение “http://moladz.org/files/guitar.jpg” не может быть показано, так как содержит ошибки.


Бягучае надвор'е
day-broken
Надвор`е ў Мінску
8 °C Ірваныя аблокі, вецер Пераменны, 21.6 км/г, ад. вільготнасць 66%
day-scattered
Надвор`е ў Брэсце
15 °C Безуважлівыя аблокі, вецер Пераменны, 14.4 км/г, ад. вільготнасць 44%
day-overcast
Надвор`е ў Гомелi
11 °C Пахмурна, вецер Паўночны, 25.2 км/г, парывы да 43.2 км/г, ад. вільготнасць 87%
day-scattered
Надвор`е ў Гродна
13 °C Безуважлівыя аблокі, вецер Паўночны, 18 км/г, ад. вільготнасць 41%
day-broken
Надвор`е ў Віцебску
11 °C Ірваныя аблокі, вецер Паўночны, 18 км/г, парывы да 36 км/г, ад. вільготнасць 62%
day-overcast
Надвор`е ў Магiлёве
8 °C Пахмурна, вецер Паўночны, 25.2 км/г, ад. вільготнасць 66%

Апошнія праекты

 
Пікап

 

 

Нашы партнёры

|   Галоўная   |   Нашы праекты   |   Мы   |   Далучайся!   |   Дадаць навіну   |   ЖЖ   |   Кантакт   |
Copyright © Moladz.org, 2007. All Rights Reserved.
Akavita Rambler's Top100