27 студзеня 1938 года ў 6 гадзін раніцы экс-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі, гісторыка, пасьменьніка, Акадэміка Беларусі Вацлава Юстынавіча Ластоўскага расстрэлялі.
Калі ў сакавіку 1921 года разьдзерлі тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі паміж сабою Польшча і Расея, калі “ўхадзіла” Беларуская Вясна, прэм’ер-міністар БНР Вацлаў Ластоўскі заявіў на ўвесь сьвет: “Ні Расія, ні Польшча не могуць казаць аб будучыні Беларусі...Рыжскі мір - гэта надсмешка з дэмакратыіі і яе ідэалаў, што гэта злачынства супраць нацыі. Рыжскі дагавор ніколі не будзе прызнаны беларускім народам і ўрад БНР будзе змагацца да апошняй кроплі за сваю незалежнасьць і непадзельнасьць. Расія і Польшча – акупанты!”
Гэта заява прагучала з вуснаў прэм’ер-міністра, гісторыка, вядомага грамадзка-палітычнага дзеяча Вацлава Ластоўскага, а 8 лістапада 1883 года ў сям’і зьбяднелага шляхціча, на сьвет з’явіўся просты беларускі хлопец Вацлаў. Яго бацькі нават і не маглі ўявіць, што іх хлопчык стане асобай, якая будзе постацьцю незалежнасьці Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя
У апошнія гады юнацтва Вацлава вельмі захапіла мінулае сваёй Радзімы, захапіла пытаньне аб мове і хто ён такі. Вацлаў імкнуўся атрымаць веды, але як, калі нават няма кнігі, калі няма на яе грошаў. Вацлаў Юстынавіч ў сваі юнацкія гады пайшоў працаваць разнарабочым. Грузчык, вартаўнік, прыбіральшчык: шмат можна пералічаць, але цераз гэта ўсё прайшоў Ластоўскі. Грошаў плацілі ня шмат на гэтых працах, але на кнігі хапала. Раніцою на працу, пасьля працы дапамагаў бацькам, а ноччу займаўся самаадукацыяй...
Вацлаў змог сам атрымаць веды, каб паступіць і скончыць гімназію, а пасьля гістарычны факультэт. Яшчэ будучы студэнтам, пачаў адстойваць права на незалежнасьць свайго народа ад Расейскай імперыі. У свае 26 год цалкам раскрыў свой талент пісьменьніка, гісторыка і выдатнага аратара. У 1903 годзе сумесна з братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі, Алесем Бурбісам, Зьміцерам Жылуновічам, Цёткай (А.Пашкевіч), Кастусём Каганцом стварыў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). На пачатку 1907/1908 года на старонках газеты “Наша ніва” пачалі з’яўляцца яго гістарычныя апавяданьні, а ў 1910 годзе выйшла яго кніга “Кароткая гісторыя Беларусі”. Гэта кніга дала магчымасьць простаму народу пазнаць гісторыю роднага краю і мовы, якую забараніла Расея пасьля 1840 года.
Вацлаў Ластоўскі жыў, прыкладна, з 1908 па 1911 год у Вільні, дзе узначальваў аддзел “Нашай Нівы”. У 1916-1917 гадах узначальваў выданьне беларускай газеты “Гоман” у Вільні. Калі ў 1916 годзе Беларусь пачалі разрываць на дзве часткі Нямеччына і Расея, Вацлаў Ластоўскі стварае радыкальнае аб’яднаньне - Саюз незалежнасці і непадзельнасці Беларусі (СННБ). Вацлаў Ластоўскі выказаў асноўну ідэю – абараніць Беларусь, захаваць яе межы і каштоўнасьці. Пад СННБ пачалі стварацца мелкія народныя атрады самааховы. Таксама Вацлаў Ластоўскі пайшоў на добрыя зносіны з дзеячамі літоўскага нацыянальна-вызваленчага руху. У пачатку 1917 года Ластоўскі, Беларускі народны камітэт пад началам Скірмунта пайшлі на дамову з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэньні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Літоўскі нацыянальны камітэт поўнасьцю парваў сувязь з польскім і яўрэйскім нацыянальным камітэтам, прызнаў толькі Беларускі народны камітэт. У 1917 годзе ЛНК утварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу). Тарыба з’явілася галоўным дзяржаўным органам Літвы. У склад Літоўская дзяржаўнай рады увайшлі прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта. Літоўская рада прадставіла сваім беларускім сябрам месца ў Літоўскім урадзе дзеля сумеснай барацьбы за незалежнасьць.
27 лістапада 1918 года ў паседжаньні Літоўскай Тарыбы прыняла ўдзел дэлегацыя Рады БНР. Вацлаў Ластоўскій зрабіў заяву, у якой гаварылася "...прымаючы за ідэал стварэньне федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы... Рада БНР лічыць патрэбным далучыцца да пэўнай працы Тарыбы, бо лічыць яе адзіным прадстаўніцтвам Літвы". У склад Літоўскай Тарібы ўвайшлі шэсць беларускіх палітычных дзеячаў. Таксама ў Літоўскі ўрад увайшоў у якасьці міністра па беларускіх справах Язэп Варонка.
21 сьнежня 1918 года Вацлаў Ластоўскі ў Горадні стварыў Савет дзяржаўнай абароны пры Радзе БНР. Савет дзяржаўнай абароны пад кіраўніцтвам В.Ластоўскага павінны быў сфарміраваць узброены партызанскі чын і супрацьстаяць арміі бальшавікоў. Савет дзяржаўнай абароны ня здолеў стварыць добраўзброены партызанскі чын. Пры дапамозе СДА і Краёвай абароны Літвы ў Горадні ствараецца беларускі вайсковы полк, у які ўвайшлі 30 афіцэраў і 200 салдатаў. Узначаліў полк Кастусь Езавітаў.
Беларуская Партыя Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў (БПС-Р) пад лідэрствам Вацлава Ластоўскага выступіла супраць якой-небудзь арыентацыі БНР, толькі народ можа вырашыць сваю будучыню, так лічылі беларускія эсэры. БПС-Р налічвала каля 30 тысяч сябраў. Але да канца 1919 года асноўная маса нацыянальных арганізацый верыла Польшчы, а прапольскія сілы да сьнежня 1919 года пераважалі ў Радзе БНР. Вельмі вабіла нацыянальных дзеячаў да Польшчы яе абяцаньне аб стварэньні войска БНР.
Пытаньне аб стварэньні беларускага войска шырока абмяркоўвалася на беларускім з'ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны. З'езд праходзіў 9-12 чэрвеня 1919 года ў Вільні. На з'ездзе быў створаны новы палітычны цэнтр - Цэнтральная Беларуская Радая Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Яна аб'ядноўвала ўсе беларускія нацыянальныя сілы на вызваленай ад бальшавікоў Беларусі. 21 чэрвеня 1919 года дэлегацыя ад Рады БНР выехала ў Варшаву. Прадстаўнікі БНР настойвалі на стварэньні беларускага войска. Пілсудскі зноў учыніў дэмагогію. Нацыянальныя дзеячы бліжэй да восені 1919 года пачалі разумець, што акрамя балбатні Польшча нічога больш ня робіць. Да кастрычніка 1919 года Польшча заняла амаль усю Беларусь. Польскія ўлады былі ўпэўненыя, што дужа занялі свае пазыцыі, і войска бальшавікоў ня зможа прабіць фронт. Нацыянальныя сілы Беларусі Польшчы былі зараз не патрэбныя. Да лістапада 1919 года Пілсудскі заявіў, што не зьбіраецца прызнаваць незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасьля гэтага Польскія ўлады пачалі адкрыты тэрор на землях БНР. Пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальных дзеячаў і мірнага насельніцтва. Быў выдадзены ўказ аб зачыненьні ўсіх беларускіх газэтаў, школаў, культурна-асветных установаў. Менавіта ў гэты момант Вацлаў Ластоўскій прыходзіць да высновы, што Польшча такая жа краіна акупант як Нямеччына і бальшавікі. "Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў!" - такім стаў лёзунг нацыянальных сілаў, што падтрымалі Вацлава Ластоўскага. Ластоўскі яшчэ 11 ліпеня 1919 года ў газэце беларускіх эсэраў "Беларуская думка" адкрыта заявіў, што ні Польшча, ні бальшавіцкая Расея ні могуць вырашаць лёс беларускага народа. Вацлаў Ластоўскі таксама заявіў, што ён у хуткім часе створыць нацыянальны цэнтр для пачатку вызваленьня Беларусі ад усіх акупантаў.
Беларускія эсэры пад лідэрствам Вацлава Ластоўскага абвесьцілі сваю дэклярацыю. У ёй выяўляўся рэзкі пратэст супраць польскай акупацыі, і пацьвярджалася пастанова Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 года аб незалежнасьці БНР. Вацлаў Ластоўскі падкрэсьліў, што рэчы трэба зваць сваімі імёнамі і менавіта Польшча, Расея, Нямеччына - акупанты, якія зьнішчаюць і не прызнаюць ідэалаў БНР, а таксама патрэбаў народа Беларусі. Ластоўскі назваў сьпіс здраднікаў БНР, а таксама зазначыў, што новы ўрад і Рада БНР будуць Беларускімі! Таксама ў дэклярацыі былі сфармуляваныя і асноўныя пазыцыі новай палітыкі БПС-Р (эсэраў), якая прадугледжвала барацьбу супраць бальшавікоў і палякаў. Новая праграма БПС-Р засталася вернай нацыянальнай ідэі. У ёй, як і ў папярэдняй праграме, на першае месца выходзіла барацьба за нацыянальнае вызваленьне Беларусі.
У канцы 1919 года Рада БНР пад началам Вацлава Ластоўскага стварае шырокую сетку партызанскіх атрадаў, якія знаходзіліся пад кантролем беларускіх эсэраў. Паступова ўсе партызанскія атрады Рады БНР і партызанскія атрады эсэраў аб’ядналіся ў адзіны цэнтр – Народную ваенную самаабарону (НВС). НВС стала пачаткам беларускай нацыянальнай арміі Рады БНР, якая поўнасьцю аформіцца ў сярэдзіне 1920 года. У канцы 1919 на пачатку 1920 года ўрад БНР Ластоўскага дамогся стварэньня вайскова-дыпламатычных місіяў БНР у Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Германіі.
Таксама БПС-Р і бальшавікі ў снежні 1919 года падпісалі пагадненне аб сумеснай барацьбе супраць палякаў. Вацлаў Ластоўскі пачаў прапагандаваць ідэю, што магчыма ўтварэнне камуністычнай партыі Беларусі, але ніякіх сувязей з Масквою быць ня можа. Бальшавікі з ідэяй Ластоўскага не пагадзіліся, але пачалі сумесны супраціў Польшчы. Ужо ў сакавіку 1920 года быў распрацаваны плян паўстаньня і створаны Беларускі паўстанцкі камітэт (БПК). Польскія ўлады своечасова даведаліся аб падрыхтоўцы узброеннага паўстаньня і арыштавалі некаторых кіраўнікоў БПК. У сакавіку 1920 года Ю.Пілсудскаму ўдалося стварыць перавагу над сіламі кааліцыі эсэраў-бальшавікоў і прарваць фронт. Наступленьне польскіх войскаў было спыненае ў траўні 1920 года. Ужо праз некалькі дзён бальшавікі перайшлі ў контратаку.
18 сакавіка 1921 года быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. Па ім Польшчы адыходзіла значная частка Беларусі – 113 тыс. квадратных км з насельніцтвам звыш 4 млн. чалавек. За БССР захавалася толькі шэсьць паветаў Менскай губерні, у якіх пражывала звыш 1,6 млн. чалавек. У той момант калі адбываліся перамовы Рада БНР імкнулася атрымаць дазвол на ўдзел, але нічога не атрымалася. Беларусь разарвалі на дзьве часткі без дазвола беларуса.
Так ухадзіла Беларуская Вясна, якая з’явілася на нашым небасьхіле і паказала адметнасьць беларуса. Паказала нашую годнасьць і нашае права на незалежнасьць... Да 1925 года Вацлаў Юстынавіч жыў у эміграцыі.Прыехаў у БССР на пачатку1926 года , яшчэ пасьпеў надрукаваць падручнікі па гісторыі для беларускіх школ і праз пяць год (студзень 1931 года) быў арыштаваны і сасланы ў Саратаў. Гэты чалавек з простага, беднага хлопца змог стаць цэлым стагодзьдзем нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі. У студзені 1938 года адбыўся таемны суд, без пракурора, адваката, на якім Вацлава Ластоўскага назвалі “ворагам народа”. 27 студзеня 1938 года а 6 гадзіне раніцы Вацлава Юстынавіча Ластоўскага расстралялі....
Беларускае Сонца... Ты ня зьмерла... Ты жывы...
Зміцер Кісель
"Успаміны пра БНР" (Галоўная старонка)








