15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі - удзелам некаторых амбасадараў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь распачалася акцыя “Агульнанацыянальная дыктоўка”. Ад 17 сакавіка да канца бягучага тыдня дыктоўка пішацца ў Віцебску. 22 сакавіка яе піша Гродна. 23 сакавіка ў Мінску дыктоўка будзе пісацца ва ўправе БНФ і ў офісе ТБМ. Гэтым жа днём павінна адбыцца напісанне дыктоўкі ў Віцебску. 24 сакавіка мастакі Мінску плануюць пісаць яе ў Палацы мастацтваў. 25 сакавіка ў Бабры дыктоўку напіша вядомы мастак Алесь Пушкін. Гэтак у Беларусі, а як да правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі ставяцца беларусы замежжа?
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” інфармацыю пра агульнанацыянальную дыктоўку і яе тэкст даслала беларускім суполкам ды ініцыятывам замежжа і сфармавала адмысловы прызавы фонд для ўдзельнікаў дыктоўкі. Намесніца старшыні згуртавання Алена Макоўская распавяла нашаму радыё наступнае:
- Дыктоўка – ўсё ж не надта традыцыйная форма і можа быць незразумелая бальшыні арганізацый беларускай дыяспары. Паколькі тут давялося тлумачыць, што гэта такое і для чаго, то за межамі яна можа ўспрымацца яшчэ больш скептычна. Найперш мы хочам паглядзець, наколькі эфектыўна гэта пройдзе ў Беларусі. Першы вопыт заўсёды цяжкі, але я не здзіўлюся, калі ўжо ў наступным годзе дыктоўка стане традыцыйнай і будзе пісацца ўсімі разам.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, нашы суайчыннікі, што жывуць за межамі краіны, наважаныя браць удзел у дыктоўцы. Як паведаміў лідэр беларускай дыяспары Польшчы Яўген Вапа, пытанне ўдзелу актыўна абмяркоўваецца, відавочная зацікаўленасць польскіх беларусаў у гэтай акцыі.
Аб удзеле літоўскіх беларусаў распавёў Рацыі грамадскі актывіст, ініцыятар правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі Уладзімір Падгол:
- 21 сакавіка дыктоўку ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пішуць беларусы Вільнюса. Пішуць выкладчыкі і студэнты, беларусы, якія там знаходзяцца, прадстаўнікі парламента Літвы, у прыватнасці Вацлаў Станкевіч. Напіша дыктоўку і заснавальнік першай падпольнай арганізацыі “Талака” Сяржук Вітушка. Ён сляпы і будзе ўсляпую на камп’ютэры набіраць тэкст.
Беларусы Расіі таксама не застануцца ў баку. Лідэр маскоўскай маладзёвай ініцыятывы Ян Маркаў паведаміў, што гэта мерапрыемства будзе ладзіцца сумесна зямляцкай ініцыятывай і Грамадой беларускай культуры імя Францыска Скарыны 23 сакавіка.
Кіраўнік львоўскай дыяспарнай ініцыятывы Сяржук Нехамес паведаміў нам аб тым, што 25 сакавіка ў Львове мае адбыцца набажэнства за Беларусь, а затым - напісанне дыктоўкі:
- У Львове ўся наша парафія складаецца з 10 чалавек. З іх, апрача мяне, толькі двое выраслі ў Беларусі. Астатнія нарадзіліся на Украіне і па-беларуску могуць толькі чытаць. Аднак увечары пасля набажэнства я збяру людзей і яны будуць пісаць дыктоўку - такі акт падтрымкі.
Некалькі ўкраінцаў, што вучацца ў Будапешце, напішуць дыктоўку 23 сакавіка. Паводле слоў кіраўніка беларускай ініцыятыўнай групы Венгрыі Змітра Карацеева, яны далучацца да беларускіх студэнтаў.
Наталля ЯКАВЕНКА
Радыё Рацыя









Даслаць камэнтар