
Мінск, 24 сакавіка. 23 сакавіка ў Беларусі праведзена самая масавая дыктоўка па беларускай мове, прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Тэкстам дыктоўкі была абрана "Прадмова" да зборніка класіка нацыянальнай літаратуры Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская".
Нагадаем, акцыя стартавала 15 сакавіка. За гэты час дыктоўкі былі арганізаваны ў многіх гарадах Беларусі, у офісах розных грамадскіх аб'яднанняў і рэдакцый недзяржаўных СМІ з удзелам вядомых грамадскіх дзеячаў і замежных дыпламатаў. Акцыю актыўна падтрымалі прадстаўнікі беларускай дыяспары розных краін.
23 сакавіка дыктоўка праводзілася ў Мінску кожную гадзіну, з 11.00 да 18.00, у офісах Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". З 12.00 да 16.00 тэкст дыктанта гучаў у эфіры "Еўрарадыё". "Еўрарадыё" можна слухаць у інтэрнеце (www.euroradio.fm), а таксама праз спадарожнікі "HotBird 6" (13° East (11013МГц/Н/27500)) і "Sirius 4" (5°East (12379.62МГц/H/27500)).
24 сакавіка ў 16.30 агульнанацыянальную дыктоўку будуць пісаць у сталічным Палацы мастацтваў актывісты грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і члены суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў.
Паводле задумы ініцыятараў акцыі, напісаны тэкст дыктоўкі можна захаваць у сямейным архіве як унікальнае сведчанне павагі да беларускай самабытнасці. Тыя, хто жадае ўзяць удзел у конкурсе на валоданне мовай, могуць здаць свае тэксты па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць прызы. Фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі плануецца прадставіць у Беларусі і тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама ў будынку сакратарыята ААН у Нью-Йорку.










Даслаць камэнтар