8 мая апеляцыйны савет Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці пакінуў у сіле рэгістрацыю таварнага знака кампаніі "МТС" з выявай белага яйка ў чырвоным квадраце. Такое рашэнне савет пад старшынствам Наталлі Баркун прыняў па выніках слухання заявы аўтараў мастацкіх твораў "Яйкаквадраты", вядомых дзеячаў беларускай культуры — паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. У кастрычніку 2007 года яны звярнуліся ў цэнтр з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнага знака № 25.419 з выявай белага яйка ў чырвоным квадраце. У інтэрв'ю БелаПАН адвакат Яўген Партной, які з'яўляецца прадстаўніком А.Разанава, зазначыў, што не выключае магчымасці абскарджвання рашэння ў шасцімесячны тэрмін з дня яго прыняцця ў судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда. Куратар праекта мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская назвала рашэнне апеляцыйнага цэнтра несправядлівым. "У выпадку прыняцця справядлівага рашэння аўтары "Яйкаквадратаў" гатовы былі разгледзець магчымасць перадачы беларускаму прадстаўніцтву кампаніі "МТС" права на выкарыстанне ў іх брэндзе выявы мастацкага твору", — сказала мастацтвазнаўца. Нагадаем, што 16 кастрычніка 2007 года суддзя судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Віктар Каўшун пакінуў без задавальнення іск аб абароне аўтарскага права В.Маркаўца і А.Разанава. Гэтая грамадзянская справа была заведзена 16 жніўня 2007 года пасля таго, як Маркавец і Разанаў — аўтары мастацкага праекта праекта "Яйкаквадраты", што створаны імі ў 1992 годзе і ўпершыню выкананы ў жывапісных творах, патрабавалі прызнання і апублікавання ў СМІ факту парушэння аўтарскіх правоў у адносінах да свайго праекта, што выразілася ў незаконным пераробліванні арыгінальных твораў і далейшым іх выкарыстанні. З вясны 2006 года "Яйкаквадраты" сталі прымяняцца ў выяве таварнага знака кампаніі МТС, якая 10 ліпеня 2007 года афіцыйна зарэгістравала свой брэнд на тэрыторыі Беларусі. // Радыё РАЦЫЯ









Даслаць камэнтар