Сакратарыят грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заклікаў грамадскасць зрабіць ўсё дзеля захавання адзінай беларускамоўнай школы ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.
Ужо шэсць гадоў у горадзе працуе цалкам беларускамоўная сярэдняя школа № 3 з ліцэйскімі класамі. "Школа мае стабільна высокія вынікі вучэбна-выхаваўчага працэсу, яе выпускнікі штогод паступаюць і вучацца ў прэстыжных ВНУ нашай краіны. Аднак Міністэрства адукацыі пайшло насустрач некалькім жыхарам Глыбокага, якія вырашылі знішчыць гэты асяродак беларушчыны і запатрабавалі адкрыць тут для сваіх дзяцей першы клас з рускай мовай навучання. Хоць ў Глыбокім ужо ёсць дзве рускамоўныя сярэднія школы", - адзначаецца ў заяве.
Сакратарыят ТБМ выказаў "рашучую падтрымку настаўнікам, бацькам і вучням СШ № 3, якія змагаюцца за захаванне адзінай гарадской беларускамоўнай школы на Віцебшчыне, і заклікае ўсіх грамадзян Беларусі падтрымаць іх", паведамляе БелаПАН.
"Радыё Рацыя"









